Sveiki

Сержук Сыс
Sveiki*, Вентспілс! Ну няўжо
Я тваім Остгалсам
Не з мячом і не з ружжом:
Закружыўся вальсам?
Чаек часты перакліч
Для мяне сягоння
Нібы прывітальны спіч –
Лепшая з сімфоній.
Валуны твае абняць
Хочацца на шчасце,
Каля Венты хоць паўдня
Каровак папасвіць.
Вермут Балтыкі сівой
Ап’яніць імгненна;
Прытулюся галавой
Да лівонскіх сценаў.
У пазногціках лускі
Быццам бы ў алмазах,
Каля берагу ракі
Нудзяцца баркасы.
Sveiki, Вентспілс!
              Цёплы дым
Нашае сустрэчы
Застанецца назаўжды,
Бо яшчэ не вечар…

Вентспілс, 3 сакавіка 2016.

Sveiki* - прывітанне!(лат.)