Сон пра дождж

Дарья Дорошко
Ночку ўсю дажджынкі стукаюцца ў шыбу,
Неяк апантанна скардзяцца на лёс:
Не знайшлі ў нябёсах залатую рыбу —
Тую, што калісьці бачылі ў мароз
Родныя сястрычкі, крохкія сняжынкі,
Што паснулі ў зімку пад маім акном...
 — Ды навошта кропелькам залатая рыбка?
 — Здзейсніць мару нашую пра гасцінны дом.
Вечна беспрытульныя, мы ляцім скрозь прыцемкі.
Стукаемся ў шыбіны, падаем на дол.
Прысвячаюць вершы нам нават злыя крытыкі,
Толькі ўсё адно ніхто не пакліча ў дом!
Расчыніла вокны я, адхіліла кветкі,
Працягнула дожджыку цёплую далонь:
 — Не крыўдуй! Заходзь ужо ў госці да паэткі.
Запрашаю шчыра ў свой найпрыгожы сон!