Кароткачасовая навальнiца

Леонтий Обринский
 
   Кружыла хмара, пыл мяло,
   Хістаў са злосцю вецер дрэвы.
   Замоўклі птушкі, а сяло
   Чакала дождж, грымотаў спевы.

   І вось маланка да зямлі
   Змяёй бліскучай паляцела,
   А кроплі дожджыка сяклі
   Зямлю мурзатую нясмела.

   Крыху спазніўся, пальнуў гром-
   Над лесам рэха кашлянула.
   Ды вецер хмару гнаў дубцом:
   І сонца радасна зірнула,

   І цішыня між дрэў ураз
   Павісла, нібы, чараўніца...
   Вясёлку выгнуўшы для нас,
   Далей пабегла навальніца.

         чэрвень 2016г.