Плётка

Валерий Познякевич
Адзін сказаў, другі пачуў,
А трэці ўнёс папраўкі.
Ад плёткі той узняўся шум --
Ляцеў, змяняў напрамкі.

Казала Тэкля, што Васіль
Зусім ад рук адбіўся:
У горад ездзіў на таксі
І ў бары там напіўся.

У бабкі Ганны дрэнны слых,
Але язык, бы жорны.
Яна пачуты той пасыл
Разнесла рэхам горным:

Гудзела вёска, што Васіль
Украў таксі ля бара,
І што вазіў ён на таксі
Сваю суседку Вару.

Казалі: бачылі іх двух
Аголеных на лузе.
Займала ў тых, хто бачыў дух --
Зацягваў д'ябал вузел.

На прызбе сёння я прысеў,
Ды запісаўся ў сведкі:
Ішоў уранні па расе
Сусед мой ад суседкі.

Нёс у руках ён малако:
Духмянае, парное.
Не бачыў ён, як праз акно
За ім сачылі двое.

І загудзела вёска ўся,
Нібыта зранку Вара
Прагнала з хаты Васіля --
Ён маладой не пара.