Леонардо да Винчи. В. Дитякин перевод на бел

Людмила Воронова Супрун
(Аўтар В. Дзіцякін, пераклад на беларускую мову Людміла Воранава)
Частка 1.
Хлопчык на гары.
 
Сонца падымалася ўсё вышэй і вышэй. Станавілася горача. Па вузкай сцяжынцы, якая крута ўзнімалася ў гару, ішлі два хлопчыкі.
Першы, гадоў дванаццаці - трынаццаці, высокі, стройны, мускулісты, ішоў моцным, роўным крокам. Час ад часу ён спыняўся, уважліва разглядаў наваколле і затым ізноў рашуча крочыў далей. У яго былі правільныя рысы твару, вялікі шырокі лоб, прамы нос і бліскучыя шэра-блакітныя вочы.
   Ззаду, то адстаючы, то даганяючы, крочыў другі хлопчык,  трошкі меньшага росту і трохі слабейшы на выгляд. На адным з крутых паваротаў ён жаласліва працягнуў:
- Ну, Леанарда…І куды гэта ты ўсё спяшаешся!..
  Старэйшы, як быццам, не пачуў слоў спадарожніка. Не укарочваючы кроку, ён ішоў далей.
- Леанарда, не спяшайся… - працягваў прасіць малодшы.
  Ён спыніўся і выцер рукавом пот, які шчодра струменіў з ілба. Хлопчык вельмі стаміўся. Здавалася, што ён вось-вось упадзе.
- І куды гэта ты імчыш? - схапіўшы руку старэйшага сябра, застагнаў ён. - Ты ідзеш усё вышэй і вышэй…
- Так, усё вышэй і вышэй, - як быццам у разгубленасці, адказаў Леанарда. Затым з нечаканым ажыўленнем працягваў: - Ты ведаеш, як гэта добра падымацца ўсё вышэй, бачыць новыя мясціны, новыя горы, цясніны, даліны!.. Так лёгка дыхаецца! Якое гэта шчасце, што мы жывем тут, у гарах!
- Шчасце - та шчасце,- сумна паўтарыў Франчэска,- але ж вельмі цяжка лазіць па гарах. Іншая справа знайсці добрае месцейка і залегчы…
- Ведаю, ведаю, - перабіў яго Леанарда. - Табе абы толькі добрае месцейка!
 Адчуўшы ў яго словах іронію, Франчэска пакрыўдзіўся і нахмурыў бровы.
 - Ну, мілы Франчэска, не злуйся. Ты ж ведаеш, як я люблю цябе.
   І сапраўды, Леанарда любіў Франчэску, любіў нягледзячы на тое, што яны былі розныя па характару. Леанарда быў імклівы, настойлівы, смелы і рашучы. Франчэска - мяккі, млявы, сентыментальны. Але іх зрабіла сябрамі моцная любоў да птушак. Франчэска быў заўзятым птушкаловам і знаўцам птушак. Дзеля якой-небудзь рэдкай птушкі ён гатовы быў, абліваючыся потам, поўзаць па стромых абрывах, мог цэлымі гадзінамі ляжаць у кустах у чаканні моманта, калі неасцярожная птушка пападзе ў сіло. А калі здабыча была добрай, Франчэска забываўся і пра непрыемнасці і пра стомленасць.
    Леанарду дастаткова было зранку крыкнуть умоўнае «п’ю-п’ю», як зараз жа на парозе хаты з’яўляўся Франчэска з нязменнымі клеткамі і сілкамі на спіне. Так было і ў гэты раз. Вось ужо тры гады яны наведвалі паляну, дзе Леанарда знайшоў сапраўднае «паляўнічае месца». Тут ён і вырашыў пакінуць Франчэску.
 - Вось дзе многа птушак,- сказаў ён свайму сябру, а сам стаў рухацца далей.
- Леанарда, не заходзь далёка!
  Але Леанарда, не азіраючыся, палез напрасткі, чапляючыся за каменне і кустоўе.
  Праз паўгадзіны Леанарда ўжо быў на невялікай пляцоўцы, агароджанай з аднаго боку вялізным стогадовым, разбітым маланкай каштанам. Калісьці гэтае магутнае дрэва горда ўзвышалася над логам сваёй шырокай разгалістай кронаю. Зараз яно стаяла сухое, з пачарнелай, абпаленай верхавінай, панурае, змрочнае. Жыццё даўно ўжо адляцела ад яго, і яно цяпер толькі напамінала аб мінулым. Але збоку, з трэшчыны пачарнелага ствала, скрозь тоўстую агрубелую кару прабіваліся кволыя маладыя парасткі.
  Леанарда любіў гэта старое дрэва, гэтыя маладыя парасткі, перамагаючыя смерць і разбурэнне.
  З гэтай пляцоўкі адкрываўся шырокі гарызонт. Далёка-далёка на ўсход  працягнуўся ланцуг гор. Гэта магутныя Апеніны, мудрагелістыя вяршыні якіх выразна вычэрчваліся на бясконцай сіні неба.
  Унізе разсцілаліся зялёныя даліны. На схіле гары цёмнай плямай стаялі пініі. Даволі лёгка можна было распазнаць іх кроны, як плоскія дахі, накрываючыя цёплую, пяшчотную зямлю. Дзе-нідзе даліна жаўцела паспеўшым жытам. Здавалася, трохі нагнуцца
    - і можна было пачуць перашэптванне цяжкіх каласоў і крык перапёлак. Далей цямнелі вінаграднікі, зелянелі сады. Па дарогах ішлі людзі, каціліся цяжкія, на высокіх тоўстых колах павозкі. Іншы раз прамень сонца падаў на шлем вершніка, і тады шлем бліскацеў так асляпляльна, што вачам станавілася балюча.
   Але больш за ўсё Леанарда любіў назіраць палёт арлоў. Тут, у нікім не растрывожанай цішыні, яны ляталі, вольна раскінуўшы шырокія крылы, павольна плавалі ў струменях цёплага паветра ці, апісваючы кругі, велічна ўзнімаліся да высокага сіняга неба.
   Гадзінамі сядзеў Леанарда, не зводзячы вачэй з магутных птушак. Як зачараваны, ён сачыў за якім-небудзь арлом, разам з ім выконваючы палёт. Яму здавалася, што гэта ляціць ён сам. Леанарда прыгадваў цудоўныя сказанні старажытных аб адмысловым майстры Дзядале, які зрабіў крылы, і аб адважным Ікары, які паляцеў да сонца. І Леанарда здавалася, што ў яго за плячыма вось-вось вырастуць крылы… Ён падыходзіў да краю пляцоўкі, вострым пранізлівым позіркам углядаўся ў расчынены перад ім бязмежны прастор. Адзін узмах крыламі - і ён паляціць. Але крылаў няма!
  « Трэба зрабіць крылы! - думае ён. - Але зараз я яшчэ не магу зрабіць іх.»
   Леанарда адыходзіць ад краю пляцоўкі.
   Цяпер яго позірк накіраваны на захад.
   Там, далёка- далёка, павінна быць мора. Яго не бачна, але ў парывах ветру, які дзьмуў адтуль, з заходу, здавалася, што чуваць шум прыбою. Мара адносіла Леанарда да пустыннага берагу незнаёмай зямлі. Вялізныя пеністыя валы коцяцца на пясок. Недалёка ад берага гайдаецца каравела, а Леанарда ў шлюпцы, падскокваючай на хвалях, спяшаецца да берага. Вось, прадстаўляе ён, яшчэ адзін узмах вёсел…Ён саскоквае на мокры пясок і з усяе сілы, уладна пранізвае ў яго дрэўка флагу Фларэнтыйскай рэспублікі.
   Пляцоўка добрая яшчэ і тым, што амаль пасярэдзіне яе ляжыць вялікі, падобны на стол, плоскі камень. На яго можна палажыць паперу і маляваць. На поясе ў Леанарда заўсёды жмут паперы. Маляваць - якое гэта незвычайнае задавальненне! Вось чысты, белы, трохі шурпаты ліст. На ім яшчэ нічога няма. І вось спачатку няўпэўненая левая рука ( ён быў ляўшой) пачынае наносіць штрыхі, нясмелыя і  ледзь кранальныя. Потым рука ужо бяжыць сама, рухі яе робяцца больш упэўненымі, уладнымі: невыразныя, раскіданыя штрыхі аб’ядноўваюцца ў стройнае цэлае. Ужо відны контуры, можна пазнаць дрэва - стары каштан. Верхавіна яго расшчэплена. Сюды трэба больш ценю - яна пачарнела ад агню. А зараз спатрэбілася б трохі таго, цудоўнага светла-зялёнага колеру, які нядаўна прывёз з Фларэнцыі дзядуля, і лісточкі ажывуць, зазелянеюць…
  Праходзіць гадзіна, другая. Вакол мёртвая цішыня, зрэдку парушаемая далёкім клёкатам арлоў і шчабятаннем нейкіх-там (Франчэска напэўна іх ведае) птушак у гушчары…
   Але вось рухі рукі маленькага мастака робяцца больш павольнымі, аловак ўсё радзей і радзей дакранаецца да паперы. Леанарда ўважліва ўглядаецца ў  малюнак.
 - Не, не выходзіць! - з прыкрасцю ўскліквае ён.
   На вочы наварочваюцца слёзы. Рэзкімі рухамі ён камечыць малюнак, раз’юшана рве яго. Абрыўкі паперы ляцяць уніз, плаўна кружацца і чапляюцца за кусты.
   Але Леанарда цярплівы і настойлівы. Зноў за працу. І зноў праходзіць гадзіна за гадзінай, і зноў папера пакрываецца штрыхамі, і так да тых пор, пакуль Леанарда, аткінуўшыся назад, не скажа: «Нічога, а ўсё-такі гэта лепш».
  « Але як цяжка, як цяжка!» - думае Леанарда. Замест магутнага дрэва - нешта бязладнае і ўродлівае. Лісточкі, такія пяшчотныя, так цудоўна выразаныя, атрымліваюцца на малюнку бязвобразнымі цёмнымі плямамі.
   Яшчэ хужэй, калі спрабуеш намаляваць пейзаж. На халодным, агідным аркушы паперы замест ўсяго хараства і багацця прыроды выступаюць нейкія аднавобразныя лініі, горы налезлі адзін на аднаго. На малюнку цесна, няма чым дыхаць.
  А можа кінуць? Можа лепш заняцца латынню ды павучыцца ў бацькі майстэрству  састаўлення справаводчых папераў і стаць натарыусам?
   Леанарда любіць бацьку, паважае яго працу, але стаць самому натарыусам, калі свет такі цудоўны, - не, ні за што!
   Гавораць, што ў Фларэнцыі ёсць такія людзі, якія вучаць маляваць. Вось бы добра было паехаць ва Фларэнцыю!
   Лёгкі шоргат. На камень запаўзае яшчарка. Якая яна прыгожая! Якое гібкае яе цела, як блішчаць яе чорныя вочкі, як серабрыцца яе скура! І забыўшыся пра свае сумныя думкі, Леанарда зноў бярэцца за аловак. Аркуш хутка пакрываецца лініямі. Яшчэ два-тры штрыхі і малюнак будзе гатовы…Але як перадаць бляск вачэй? І раптам:
  - Леанарда-а-а! Ці не пара дахаты?
  І з-пад кустоў паказваецца Франчэска. Ён увесь абвешаны клеткамі, у якіх на розныя галасы трашчаць птушкі.
  Яшчарка імгненна знікае. Леанарда ледзь стрымаўся, каб не вылаяцца. Ён са злосцю глядзіць на Франчэску, але маленькі хітрун робіць такі ліслівы тварык, што злосць хутка праходзіць. Леанарда, акідвае поглядам малюнак: зноў дрэнна. Замест яшчаркі, у якой пульсуе кожны кавалачак скуры, - нейкае безжыццёвае страхоцце.
  Леанарда хмурыцца, бярэ лісток і ўжо гатовы яго скамячыць.
 - Стой! - пачуў ён моцны крык. - Які ты дурны, Леанарда! - І Франчэска з абурэннем вырывае аркуш з рук Леанарда. - Ты паглядзі толькі, дык яна ж жывая. Яна дыхае. Жывая, - хутка паўтарае ён.- А ты…
   Ён старанна разгладжвае лісток і хавае яго ў кішэню.
 Леанарда не пярэчыць. Яму ўсё роўна. Ён ужо зразумеў, чаго не хапае ў малюнку, а заўтра зноў будзе маляваць яшчарку, маляваць яе да тых пор, пакуль яна сапраўды не стане «дыхаць».
  Сябры прыселі каля каменя. З’явіліся дамашні сыр і хлеб. Стомленыя, яны ядуць з апетытам. Маўчанне зрэдку перарываецца беззвязным барматаннем Франчэскі, якому не вытрываць, як хочацца расказаць сябру пра ўсе свае прыгоды. А іх заўжды бывае многа, так як Франчэска не вызначаецца ні спрытнасцю, ні смеласцю.
  Сонца яшчэ высока. Яно пячэ бязлітасна. У горле перасохла. Сябры ўстаюць і ідуць шукаць ваду. Яна дзесьці зусім блізка - ветрык даносіць шум крыніцы. Зноў наверх, потым уніз. Франчэска ўжо не рады, што пусціўся на пошукі вады, і, як заўсёды, жаласліва стогне.
   Яшчэ адно намаганне - і сябры здзіўленыя спыняюцца. Нізка навіслыя скалы ўтварылі грот. Густая зеляніна амаль хавае яго. Цягне прахалодай, сырасцю, гнілой лістотай. Па каменнях з вясёлым журчаннем бяжыць ручай. Як вандроўнікі ў пустыні, сябры прыпалі да халоднай, жыватворнай вільгаці. Франчэска, аддыхваючыся і пыхкаючы, п’е і п’е, не ў сілах адарвацца, а Леанарда ўжо крочыць уніз, уздоўж ручая. Яго заўсёды вабіць да сябе бягучая вада. Яму здаецца, што яна вядзе яго ў нейкія невядомыя краіны. І вось ён ідзе і ідзе за плынню, падчас спыняецца і падымае камень. Леанарда любіць разглядаць мудрагелістыя пражылкі, любавацца гульнёй колераў і формай камянёў. А кішэні яго нагавіцаў і курткі запаўняюцца лісточкамі, скрынкамі з жукамі і матылькамі, камянямі.
 - Франчэска! Ідзі сюды хутчэй!
 Франчэска хуценька падбягае.
  Леанарда стаіць каля краю абрыву. Там, унізе, ручай, ператвораны ў магутны паток, з вялізнай сілаю перакочвае вялізныя камяні. Яшчэ ніжэй - паваленыя, напэўна, ураганам дрэвы перагароджваюць шлях патоку. Шалёнае кіпенне вады, пырскі пены. Не вытрымаўшы напору, дрэвы імкліва нясуцца далей.
 - Леанарда! Што ты робіш? Звар’яцеў! - крычыць Франчэска.
  Леанарда, нізка накланіўшыся над абрывам, пільна ўглядаецца ў ваду.
 - Ты ўпадзеш! Патонеш! - крычыць Франчэска. - Адыдзі!
 - Ты толькі паглядзі, якая сіла, - кажа Леанарда. - Вось калі ею завалодаць, што б было! Колькі млыноў магла бы яна круціць. Якая сіла! Ты бачыў, Франчэска, які струмень круціць кола нашага млына ў Вінчы? Колькі ж колаў можа круціць такі паток?!.
  - Та-а-к… - паважна адказвае Франчэска.- Я думаю, млыноў десяць, а то і дваццаць!..
                *  *  *
Cябры вярталіся дамоў. Наперадзе, як заўсёды, ішоў Леанарда. У яго руках была доўгая тоўстая палка з рагаткай на канцы - сапраўдны посах вандроўніка. Жадаючы дапамагчы свайму маленькаму прыяцелю, ён таксама нагрузіўся клеткамі. Ён ішоў бадзёры, хуткім крокам і гучна спяваў:
               
                Нашых мілых Альбанскіх гор
                Няма прыгажэй на ўсіх Апенінах!..

 У Леанарда быў моцны, гучны голас. Ён спяваў добрыя дзеравенскія і гарадскія песні; часам складаў і сам.
 - Леанарда! Леанарда! Змяя! - раптам пачуў ён роспачны крык Франчэскі.
 Леанарда хутка азірнуўся і застыў на месцы.
 На шырокую сцяжынку, па якой яны спускаліся ўніз, павольна выпаўзала змяя.
 Леанарда, Леанарда!
 Ахоплены страхам, Франчэска скокнуў у кусты. Клеткі з яго рук пападалі на зямлю, перапалоханыя шчыглы, дзятлы і малінаўкі паднялі многагалосны піск.
  Леанарда кінуўся наперад і хуткім, моцным узмахам кія моцна прыціснуў да зямлі галаву змяі. Адзін, два, тры удары - і змяя была мёртвая.
  Прайшло ўсяго некалькі хвілін. Франчэска, стоячы з зажмуранымі вачамі, дзівіўся: замест адчайных крыкаў - цішыня. Ён павольна прыадкрыў вочы і ўбачыў свайго сябра. Франчэска не ў сілах стрымацца, і абодва яны заліваюцца смехам.
  - Дурні мы…- гаворыць Леанарда душачыся от смеху, - звычайнага вужа палічылі за ядавітую змяю!..
   І зноў смех адольвае яго і не дае выгаварыць ні слова.
   Франчэска збянтэжаны: дык гэта ж ён са страху крыкнуў: «Змяя!» Ён злуецца. Сапраўды, прыняць ціхага, спакойнага, дабрадушнага вужа за ядавітую змяю смешна. А калі б гэта аказалася сапраўдная змяя?..
 Франчэска хмурыцца, ён гатовы, калі Леанарда будзе смяяцца над ім, зараз жа кінуцца ў бойку. Але Леанарда ўжо перастаў смяяцца і пакрочыў далей.
   Сонца зусім блізка да заходу. Стомленыя доўгім падарожжам, сябры моўчкі спускаюцца ў даліну. Нагрэтая за цэлы дзень дарога прыемная для босых ног.
   Па заціхаючай даліне меладычна разносяцца гукі колакала. У Анкіана звоняць да вячэрні. Сябра паскараюць крокі і ўваходзяць у паселішча. На парозе доўгай, прыземістай хаты стаіць высокі, моцны, з вялікай густой барадой стары і, прылажыўшы руку да вачэй, углядаецца ў далечыню. Убачыўшы Леанарда на твары яго з’яўляецца добрая, ветлівая ўсмешка. Гэта дзядуля Леанарда. З задавальненнем ён аглядае зграбную, моцную постаць хлопчыка. Пяшчотна кладзе ён сваю вялікую руку на кучаравую галаву ўнука і вядзе яго, змарнелага, але поўнага ўражанняў, у хату.