Смачная парада

Лис Ва
Добры ранак настае,
Горад спаць перастае,
Толькі наша котка Мурка
Нешта сёння не пяе.

Мо зарана ўстае,
Можа сонца не стае,
Але ж наш Іванка мусіць
Клапаціцца пра яе.

Гладзіць котку па спіне,
Кажа:
- Мурка ты, ці не?
Калі так ужо завешся,
То і муркай, як па мне.

А яму ў адказ:
- Ах, не!
Сэрца Мурчына кране,
Калі будзе ў Іванкі
Дзве сасіскі для мяне.

Зведаў аўтар на сабе –
Калі будзеце ў журбе,
Проста моўчкі пакарміце
Мурку, маму і сябе.