Гердам

Дарья Дорошко
Люты малюе ружы
На занямоглых шыбах
Вецер па вулках кружыць,
З гурбаў фармуе німбы
Для пасівелых зданяў,
Што па зямлі блукаюць
Марачы пра спатканне
З вечна самотным Каем.
Герды з адданым сэрцам
На ледзяных дарогах,
Знайце: асклепак шкельца —
Гэта не так і многа.
Не да спадобы Каю
Чырвань пяшчотных ружаў!
Люты яго гукае,
Шэрань, мароз і сцюжа.