Наш Пралетарскi гурт

Лариса Винникова 2
     Наша вуліца Пралетарская была новая. У кожнай хаце – дзеці. Такіх, як мы, было шмат: нас двое, у Камаровых Лёнік і Людка, а Аня потым нарадзілася, у Мельнікавых дзве сястры старэйшыя, Аксана і Аня, нявесты ўжо, а Надзька на год за мяне маладзейшая. У Калініных –  Зіна і Коля, у Нэтцелей – Маруся і Віця. Гэта  дарослыя ўжо.
  А мы сваім гуртам сядзім на бярвеннях ля нашай хаты, вырашаем нацыянальнае пытанне. Хто рускі, хто беларус. Я гучна заяўляю: “А я не руськая! Я з дзядзькам Арсэнам жыла!” Усе рагочуць. Арсэн Карпавіч Аксузьян – малады інжынер маслазавода, якому разам з нашай  маці  далі фінскі домік на дзве сям’і, дзе мы разам  і жылі, пакуль не пабудавалі свой дом.(Бацькі сябравалі з ім і яго жонкай Валянцінай усё жыццё.)
      Вось да нас нават не ідзе – плыве – Надзька з паўлітровай бутэлькай кісялю, якую ўпрыгожвае велічэзная жоўтая соска з ладнай дзіркай. Надзьцы шэсць год, але піць інакш яна не ўмее. (Ці не хоча?) Абсмяялі! Цяпер з соскі п’е толькі дома.               
          І нічога смачнейшага не было за скібку – лусту хлеба , змочаную у поўным вядры вады, што стаяла ў сенцах, а затым  (употай ад бабы)  абвалянай у мяху з цукрам у каморы; або палітую алеем і густа пасыпаную соллю ці цукрам. Вы спытаецеся: ”Чаму не з варэннем?” На яго не хапала часу, бо трэба лучынкамі ці трэсачкамі мераць глыбіню дзірачак, што пакінулі абцасы дарослых “нявест”, на нашай вулічнай  “Пралетарскай” сцежцы або бегчы на Харпучанку праз луг з калючым дзядоўнікам купацца ці лавіць марляй рыбу паўз берагі. А аднойчы нейкім кашом у канаве нават ўюноў налавілі!
         Чым яшчэ былі заняты нашы дні? Ну вось раз гулялі ў “пажарнікаў”. Хацелі вогнішча раскласці на лузе за гародамі, ды надвор’е вільготнае было, нічога не атрымлівалася.Падсунуліся бліжэй да плоту, але трава толькі дымілася. Валька падбадзёрвае ўсіх: ”Не хвалюйцеся, наш тата ў пажарнай працуе!”Але дым быў. А агню – не. Змерзлі, плюнулі дый разышліся. А раніцай мы даведаліся, што наша вогнішча за вечар, відаць, падсохла і, разгарэўшыся, падпаліла плот, пад якім мы сядзелі. Дык  ноччу ў  сапраўдных пажарнікаў гулялі Людка і Лёнік Камаровы, бо іх бацькі разбудзілі і прымусілі   прымаць удзел у ліквідацыі пажару. А то яшчэ нашы сябры-суседзі  гулялі ў “рыбака і рыбку”. Рыбкай, зразумела, стала Людка, а наша мама выцягвала з яе губы кручок ад вуды, на якую яе злавіў старэйшы брат.
         Мы вельмі любілі займацца спортам: усе разам , усім нашым вулічным гуртам вучыліся бегаць. Спаборніцтвы  пад кіраўніцтвам  трэнера  з суседняй вуліцы  праходзілі як па бегу на хуткасць, так і з перашкодамі. Як звалі трэнера, я не памятаю, але добра ведаю, што рогі, капыты і барада ў гэтага казла былі сапраўдныя.