Вось вам i Венецыя

Лариса Винникова 2
Нам ніколі не было сумна. І заняткі знаходілісява ўсе поры года. Калі зімой  па вуліцы гусенічны трактар перавозіў сена на вялікім жалезным лісце, мы імкнуліся ўскочыць на яго і пакатацца. Ці бегалі на горку каля Харпучанкі катацца на санках, а большымі з’язджалі з ледзяной горкі з трамплінамі стоячы. І трэба было на нагах устаяць, нягледзячы на тое, што ты дзяўчынка!
А пад весну, як сонца пачынала прыграваць, то дарога з гурбамі паабапал ператваралася ў цуд. Гурбы снегу, падтайваючы, ператвараліся ў бліскучыя ледзяныя палацы з пячоркамі і ажурнымі празрыстымі шкельцамі. Вось дзе было разгуляцца нашай  фантазіі пра казачных прынцаў і прынцэс.
           Вясна ярка запомнілася толькі адна,1970-га  года. На вуліцы яшчэ ляжалі высокія гурбы снегу, але пачалася паводка. Рэчка Харпучанка ад нас блізка, за гародамі цотнага боку вуліцы, за Камаровымі, Калінінымі, а наш дом насупраць, у нас няцотны бок. Вада па гародах дайшла  да самых хат цотнага боку, затым выйшла на вуліцу, а потым няспешна папаўзла   да нашых варот і дацягнулася  аж да сярэдзіны двара. Смешна было назіраць, як дзядзька Валодзя у гумавых ботах і з вядром у руках перабіраўся на наш бок вуліцы, дзе быў калодзеж, за вадой.
 Раніцай людзей збіралі на лодцы і вывозілі на сухую цэнтральную вуліцу, а пасля работы развозілі па хатах. Вось вам і Венецыя!