Па мастах у мiнулае

Лариса Винникова 2
         Горад майго дзяцінства   мае назву Добруш. Па адной легендзе гэта назва з’явілася ад слоў ”добра  жыць”, а па другой – ад “ дубовая рошча ці дуброшч”. Пасля, кажуць, пісар пераблытаў літары, і атрымалася Добрушч, а затым –  Добруш. І дзве гэтыя назвы маюць права быць, бо навокал горада растуць дубовыя гаі (нават могілкі на беразе Іпуці называюцца Дубы) ды і жыць тут добра: і лес табе вакол, і рэчкі аж дзве. Назва ракі Хорапуць пацвярджае першую легенду: і добра жыць, і харошы пуць, а Іпуць нібы паўтарае: “ І (добры) пуць!”
         Горад цягнецца адной доўгай вуліцай, якая пераплятаецца з блакітнымі рачнымі стужкамі, і па ўсёй даўжыні яе ўпрыгожваюць ажурныя карункі  трынаццаці мастоў: праз Харпучанку; каля Лесазавода; фабрычны праз бушуйку; гарбаты; аптэчны каля плошчы…( Быў  праўда яшчэ адзін  мост – помнік безгаспадарчасці – праз чыгуначны пераезд. Але праз яго, акрамя дзяцей і закаханых, так ніхто і не хадзіў). І шмат яшчэ мастоў і мосцікаў, кладак і кладачак. Але ёсць самы вядомы і ўсімі любімы – гэта мост на востраў, куды мы хадзілі ў выхадныя дні.Там працавала карусель, узляталі  лодачкі, на футбольным полі праводіліся спаборніцтвы, а ў альтанках гулялі ў шашкі і шахматы.                Пазней больш за карусель нас стала цікавіць танцавальная  пляцоўка  за металічнай агароджай, куды мы спачатку хадзілі на падтанцы (на іншых паглядзець), а праз год-два –  і на танцы (сябе паказаць). А паказаць было што: нам з сястрой спецыяльна – упершыню! у атэлье! – былі пашыты шаўковыя нябесна-блакітнага колеру  сукенкі з рукаўчыкамі-крыльцамі  і са спадніцамі ў кліны-гадэ. Потым, каб не хадзіць на танцы ў тым жа адзенні, мы самі шылі сабе ўборы: то спадніцу-таццянку, то касцюмчык у клетку з чырвонай шатланкі, то сарафанчык у гарохі.                Зімой патрэба карыстацца большасцю мастоў адпадала: хадзілі напрамую, па лёдзе. І цікава, і боязна, і склізка, і весела, але напрадвесні вельмі небяспечна. Рака вясной узнімалася і залівала мост на востраў, а над вадой былі відаць толькі поручні. Зараз такога не ўбачыш, бо зімы ўжо не такія марозныя, рэкі не такія паўнаводныя, ды і мост перарабілі,узнялі вышэй.
            Але Добруш усё такі ж самы: малады, прыгожы, родны.