Кожны дзень як глыток вiна...

Лаззаро
Кожны дзень — як глыток віна —
араматны, салодкі, хмельны.
І, здаецца, яшчэ да дна
не паўчаркі, а келіх — цэльны.

Неўпівальны — каб піць і піць —
і адпойваць пітвом гаючым
плоць і дух, што так прагнуць жыць,
і не меней, чым неўміруча.

Кожны дзень... Мне краса твая—
свята святаў і дзіва дзіваў!
Гэта шчасце тварыць-ваяць
і не дбаць аб вялікім хціва —

а надзённае смакаваць
і за існае дзякваць Богу... 
І любіць, і да ста "куваць"...
Не, зязюлечка, не, не многа!