Восеньскае лясное

Клавдия Семеновна
Сягоння лес мяне чакаў у госці,
Ён без мяне даўно ўжо сумаваў.
Прыпас цікавае ў гасцінец штосьці,
Імхоў кілімы ў ногі разаслаў.
Рабінка – бы цыганачка! Пунсова
Гараць каралі, радуюць пагляд.
На плечы хіліць: прымярай абновы,
Смяецца - столькі ёй самой зашмат.
Люблю твой, лес, таемны подых сцежак,
Расою вымытых насустрач дню,
Чародкі сарамлівых сыраежак
І звонка-трапяткую цішыню.

А вось і ён, гасцінец абяцаны,
У бурай шапцы, ссунутай на бок.
Крану далоняй аксаміт крамяны
І ўсклікну, бы ў дзяцінстве: Во грыбок!
Мы так хваліліся заўсёды з братам -
Баравікоў траплялася няшмат,
З іх кожны быў для нас маленькім святам.
А тут – аж тры, нібы салдаты ў рад.
Шапчу падзяку лесу за ўспаміны
І да балотца збочваю ў гушчар.
Барвова-спелы россып журавінны
Зграбаю ў жменю – верасневы дар.

Духмянасцю лясной пад вечар дома
Напоўніцца маўклівы мой пакой.
І ахіне задумлівая стома
За плечы мяккай цёплаю рукой.
А сэрца адгукнецца рэхам-словам,
І ўпіша ў памяць восеньскія сны
Наскрозь прапахлы водарам сасновым
Жывы радок бруснічна-верасны.