Замковский Александр

Витебский Листопад
МАЛЕНЬКАЕ ЗЯРНЯТКА

я дакрануўся да цябе
і ты не заўважыла маленькае зярнятка
якое
я пасадзіў у табе
а ў маленькім зярнятку
бяссонныя ночы і сотня пытанняў
навошта?
а ў маленькім зярнятку
трымценне рук і сляды на пакусаных вуснах
а ў маленькім зярнятку
такое маўчанне шалёнае
што і Вавілон не здолее гаварыць
і пакуль ты імкнешся ачуняць
даўгія корні растуць
скрозь нервы і вены
ажно да валос
скрозь кожнае слова і позірк наўкола
скрозь цень
што кладзецца на твой ложак
карані аплятаюць сутнасць
дыхаць складана
у горле засцінуліся
адчувальныя камякі багны
у вачох няўцямны бляск сонца
захінутага ці тое купальскім попелам
ці то пухам таполяў
і ты выходзіш у свет
каб здабыць атруты
ці мо нечага
супраць алергіі
прыкрай блізкасці


НАША ЗЯМЛЯ

зямля
на якой гараць храмы
зямля
у якой ляжаць чарапы прабітыя крыжамі
зямля
на якой дзеляць адвечнае
але не здольныя праспяваць пачутае
зямля
з якой выціскалі ваду
і частку ўсё ж выціснулі
зямля
дзе нулі ёсць нечым
і мала для каго нічым
зямля
на якой завостраныя іклы
не перакрываюцца цнатлівымі ўсмешкамі
зямля
якая заўжды парываецца стаць новай
нават пад ўладай наўя


ГОЛАС

ты не можаш сказаць ні слова
не таму, што рот завязаны
не таму, што не хочаш размоў
ці абрала ў жыцці маўчанне
голас знік
ты гукаеш яго па завулках і вуліцах горада
ты шукаеш у кубачках кавы
у шклянках з соллю і содай
выглядаеш яго між зор
між аблокаў
між хмар і маланак
я на пошту іду
каб адправіць для цябе свой шурпаты голас
кожны гук у асобнай абгортцы
вось галосныя
вось санорныя
у куточку - у нескладовае
дж і дз
і вядома - мяккасць
паштальёнцы кажу
асцярожна
не паблытайце тут нічога
гэта ўсё дзеля той
што голас свой згубіла
ёй патрэбна
а я патрываю
ды й навошта мне гэты голас
калі ёй не магу сказаць
прашаптаць
прастагнаць
мой голас - неадладжаны інструмент
а яе ўсё атрымаецца
яна зможа адаптаваць пад сябе
усё мае гукі
сам паеду ў парк гарадскі
веру: там яе голас
між галін пераплеценых траўнем
у шуме халоднага ветру
у спевах птушак-самотніц
у гудзенні атракцыёнаў
у дзіцячых дурных галасках
і ў нашых маўклівых размовах
пакладу у пасылку з голасам
толькі адно напісанае слова
вазьмі