Стихи на белорусском языке

Александру Пантелеу
РОДНАЕ СЛОВА

Па роднай зямлі я гасцінцам ішоў
І раз сярод спелага пышнага збожжа
Я слова забытае раптам знайшоў
І ўзяў яго ў рукі свае асцярожна.

Адразу ж у мне загучаў яго спеў,
Ды так, што душы задрыжала аснова.
Яго я паслухаў і ўраз зразумеў,
Што гэта было маё роднае слова.

Яно мне назвала ўсе рэчы кругом,
Як продкі мае называлі адвеку,
І тут жа я ўспомніў, дзе кінуў свой дом –
Прытулак адзіны ў душы чалавеку.

Я ўспомніў адразу, дзе глеба мая,
З якой карані мае сокі смакталі,
І сэрцам адчуў, што не ўмёрла зямля,
Якую чужынцы стаптаць не стапталі.

Адчуў я тады ўпершыню, што я ёсць
Зусім не “тутэйшы” без права, без волі,
Зусім не між іншымі голая косць,
А пан на зямлі, гаспадар сваёй долі.

І з часу таго гэта слова нясу
Я ў сэрцы сваім, як паходню святую,
Пялегую, нянчу яго я красу
І людзям сустрэчным яе раздаю я.

Я ім рассцілаю квяцісты абрус,
Шырокі і чысты, як матчына мова,
Каб ведалі ўсе, што завуць беларус
Таго, хто нясе ў сабе роднае слова.


***               
Вынес вецер пыл з-за заварота
І шпурнуў з размазу мне пад ногі…
Ходзіць па завулках адзінота
Ў рызманах вандроўніцкіх убогіх.

Дзе куток, каб ад яе схавацца?
Яна ўсё сабою запаўняе,
І мне пачынае зноў здавацца:
Мяне гук знаёмы даганяе.

Тупаюць абцасікі па бруку,
Як у дні мінулыя бывала.
Павярнуся – і няма ні гуку:
Памяць зноў з мяне пажартавала…

***               
Там, дзе хвалі на бераг бурштын выкідаюць, падобны да сонечных слёз,
Пачынаецца шлях пералётаў птушыных – шукай яго за даляглядам.
Ад рабінавых гронкаў, ад цёмных лясоў і ад белых ды гонкіх бяроз
Што іх цягне на вырай штогоду ў чародах і роўным парадам?

Ты глядзіш ім услед, і знікаюць, як думкі, яны ў вышыні,
Недзе там, куды вечарам сонца садзіцца крывавай пунсовай паходняй
І адкуль, быццам горы, грувасткія хмары павольна ўстаюць з-пад зямлі,
І плывуць, быццам дым, і злучаюць мінуўшчыну з нашым сягоння.

Ты не верыш нікому, нікому на свеце, і нават сабе,
І здаецца падманам усё – дзе шукаць вінаватага ў гэтым?
Хто пачатак паклаў бессэнсоўнай, адвечнай і злой барацьбе
Між агнём і вадою, між ноччу і днём, між зімою і летам?

Ці тут месца тваё? А быць можа, дзе індзей яно?
Хто адкажа табе, хто працягне руку сярод мёртвай, халоднай пустыні?
Хто ты ёсць на зямлі: у жыцці залатое звяно
Або той,хто пакіне зямлю, а слядоў на зямлі не пакіне?

Дзеля песні сваёй ты прыйшоў, ды каму яе спець?
Хіба знойдзецца той, каму здорыцца ў песні патрэба?
І застануцца гронкі рабіны да першых снягоў, быццам кроў, пунсавець,
І ўсміхнецца табе абыякава сіняе неба…

***               

Ты шукаў, дзе шчасце на зямлі?
А яго шукаць зусім не трэба.
Толькі б кветкі на лугах цвілі
Ды заўжды было б блакітным неба.

“Што такое шчасце?” – ты спытаў.
А яно навокал нас разліта.
Толькі б дожджык глебу паліваў
Ды радзіла б залатое жыта.

Дзе сустрэнеш шчасце ты ў жыцці?
Дзе шукаць яго па ўсёй плянеце?
Там яно, дзе могуць жыць-расці
Без турбот і страху нашы дзеці.

Там яно, дзе кулі не свісцяць
І дзе жонкі нашы не рыдаюць,
Там, дзе маладым даюць гуляць
І старых таксама паважаюць.

Дзе цвіценне пышнае садоў,
Дзе хварэюць толькі на футболе,
Дзе ў зялёных пушчах між дубоў
Пасвяцца алені на прыволлі.

Дзе крыніцы чыстыя журчаць,
Дзе ты пан, дзе ўсё табе належыць –
Там і шчасце. Што яго шукаць?
Бо яно ад нас саміх залежыць.



***               
Восень зноў танцуе нада мною
І вядзе мяне ў наш ціхі сад…
Вы мяне пазбавілі спакою,
Верасень, кастрычнік, лістапад.

Я прыйшоў пад гэтыя асіны
І пад гэты залацісты клён.
Уваскрэслі сумныя ўспаміны
Тых, ужо даўно мінулых, дзён.

У душы раптоўна зазвінелі
Струны, што маўчалі столькі год,
А душа і сэрца забалелі
І памачаўся думкаў карагод.

Зноў успомніў я час расставання:
У тым садзе шмат гадоў назад
Вы мяне пазбавілі кахання,
Верасень, кастрычнік, лістапад.

Зашчымела зноў старая рана
Ў самай глыбіні душы маёй,
І наўрад ці зноў наканавана
Калі-небудзь загаіцца ёй.

І цяпер штогоду я прыходзіць
Буду ўвосень у наш ціхі сад…
Па ўспамінах хай са мною ходзяць
Верасень, кастрычнік, лістапад.

Можа, калі-небудзь я сустрэну
Тут сваю апошнюю зару…
Што ж, пакорна я пакіну сцэну
І пад дрэвам ціхенька памру.

Лягу пад бярозаю панылай,
Восені халоднай родны брат,
І заплачуць над маёй магілай
Верасень, кастрычнік, лістапад.