Мне вельмi падабаецца, што ты ёсць

Юлия Ясень-Филипчик
Скажы мне знаёмае слова,
Такое, што я ведаю даўно,
І я напішу табе на яго верш.
Доўгі і, мабыць, нават неблагі.
Скажы мне знаёмае слова,
І я , як у "песенным святлафоры",
Праспяваю табе на яго песню.
Праўда, я не ўмею спяваць, а не ўсе песні
Чытаюцца. Так што лепш, я раскажу
Табе на яго гісторыю, мабыць,
Нават цікавую.

Скажы мне знаёмае імя. Маё.
Або назаві нязнаным.
І, мабыць, я страчу прытомнасць ад захаплення.
Мне падабаецца, што ты ёсць!
Мне проста падабаецца, што ты ёсць.

Я хачу карцінак з маляўнічай прыродай,
Утульных коцікаў з пледамі, шалікамі,
Кубкамі з кавай, гарбатай, какавай.
І каб кава, гарбата або какава былі ў іх
Не гарачымі і не астылымі.
І рабіць рэпосты мімішных
Вытрымак пра каханне ды шчасце
З усялякіх паблікаў накшталт
Dreams of birds і whispers of flowers
Або  winds of butterflies.
Я хачу ўяўляць,
Як жывуць мае мішкі
У малых і малышак. Цёпла і ўтульна.
І казаць, што ўсё будзе добра.
Таму што сапраўды - будзе.

Можна астылую каву,
Можна, наогул, без кавы, можна жыць без кавы.
Без цябе немагчыма.
Ты мроя маіх кветак,
Ты песня майго ветру,
Ты шэпт маіх матылькоў,
Ты птушка маіх птушак.
Ты мілейшая за ўсіх мішак і ўсіх малышак.
Ты цікавей за любую кніжку.
Можна без кніжкі, можна жыць без кніжак.
Без цябе немагчыма.
Мне падабаецца, што ты ёсць.
Мне надта падабаецца, што ты ёсць.

У гэтых людзей у зачаравальнай нізіне
Паміж зялёным хваёвым лесам і
Туманнымі гарамі, над якімі пралятае кіт,
Ёсць, зразумела, з сабой у заплечніку тэрмас з кавай.
І недзе ў іх прыхаваны шэры пухнаты кот
У каляднай шапачцы ды шаліку,
Названы ў гонар філосафа Фрыдрыхам,
Які кажа ім:
"Якщо ви вирішили діяти,
Закрийте двері для сумнівів."
І задаволена мяўкае.

А мне падабаецца, што ты ёсць.
Мне вельмі падабаецца, што ты ёсць!

12 лістапада 2017 г.