Палова снежня, а снег, як госць

Людмила Воронова Супрун
Палова снежня, а снег, як госць.
Бывае зрэдку, таму жаданы.
Смуга і вільгаць, бы ў горле косць.
І ты ў скляпенні замураваны.

У задуменні на свет глядзіш,
Чакаеш моўчкі свой час збавення.
Пісклявы вецер, нібыта мыш,
Свярдзёлкам шчыліну рве ў скляпенні.

А недзе звонку цягучы змрок
Шукае лыжку, каб змазаць дзёгцем
Уздоўж і ўпоперак кожны крок,
Што прыцярушаны снегам-госцем.