Пераклады Майронiса

Яна Явич
фото: https://ru.wikipedia.org/wiki/Майронис


Майроніс (1862 — 1932)
Пераклад вершаў з літоўскай мовы на беларускую мову
Яны ЯВІЧ


САРОКА

Што за птушка на плятні
Радуецца мне – зірні?
Добры дзень табе, сарока!
Ты ўсё бачыш па дварах —
Можа, зблізку, мо здалёку
Пралягае свата шлях?

Памахай хвастом, парадуй,
Пакажы дзяўчыне праўду —
Ад якіх вятроў чакаць?
Кажаш, злева? Там Батурас;
Цьфу! Мужык, нямыты бурас!
Толькі грошы і відаць…

Ох, дурная ты, напраўду:
І нашто ж хітнула ўправа?!
Той жа бедны, ды зусім!
Знешне б мілавацца ім…
А душа сягоння з кім —
Ты яго не сустракала?



ПАЭТ

«Бывай!» Як часта слова гэта
Я забываў, і без нуды…
Але ж адно ў душы паэта
Тваё «бывай» гучыць заўжды.

Ні слёз, ні стогнаў, ні рыданняў,
І замірае ўсё ўва мне…
І свет, ахутаны туманам,
Здаваўся толькі сном у сне.

Смех мною страчаны навечна,
Пакуты не перамагчы.
Сяброў не радуюць сустрэчы,
І дзеці мусяць уцячы.

Я ліру ўзяў, і разам з сэрцам
Рыдае рэха зноў услед.
А людзі чуюць, і смяецца
Натоўп: а тонкі ж ён, паэт!

Але ж у смутку жыць так страшна,
І клічу іх я ў іншасвет —
Прастор спакою неабсяжны,
Што сам я страціў неўпрыкмет…



***
Ішоў падарожнік. Ён марыў
Паўночнай парой,
І зорка яму як ліхтарык
Была над гарой.
Ды хмара прыйшла нечакана —
Не бачна ўжо мар!
Вакол — павуцінне туману,
Ды ноч, ды гушчар!

Руку працягнуўшы, вітае
Багіня яго.
І моўчкі скрозь змрок прадсвітальны
Вядзе аднаго.
Ды сыдзе з заранкай святою…
Яму ж не сысці —
Сам-насам з сабою
Да светлага краю брысці!