Трэба паспець

Лариса Винникова 2
 
        Час жыцця няўмольна хіліцца на захад. І ўсё часцей пульсуе думка: ”Трэба паспець!” Многія з нас ужо шмат зрабілі: набылі дом, нарадзілі дзіця, пасадзілі сад. Нават на пенсію выйшлі. Але душа турбуецца не толькі пра дабрабыт сям’і, здароўе блізкіх ці будучы дачны ўраджай…
Ранак. Рэзкі тэлефонны званок. Самы малодшы брат мамы, з якім мы на “ты”, трапіў у рэанімацыю. Трывога. Страх. І шкадаванне, што можам не спраўдзіць тое, аб чым раней дамаўляліся: паехаць на могілкі ў іх роднай вёсцы, каб прыняць своеасаблівую эстафету -  усе адзінаццаць магіл родзічаў, за якімі дагэтуль даглядаў ён, наш Жэнька-Жменька. Дзякуй Богу, усё абышлося! Значыць, паспеем. Трэба паспець.
        Трэба многае паспець… Убачыць яшчэ жывымі тых людзей, на чыіх вачах ты рос; прайсціся па вуліцы свайго дзяцінства, пакуль там жывуць тыя, хто цябе пазнае і зараз; сустрэцца з ужо сталымі кабетамі, нават бабулямі, якіх па звычцы называеш дзяўчатамі…
Паспець сказаць блізкім людзям, якія яны дарагія сэрцу твайму…
                Паспець абняць, прытуліцца, патрымаць за руку.
                Паспець паслухаць, запытацца, адказаць…
                Паспець зайсці, пасядзець, памаўчаць…
        Трэба паспець.
                Неабходна паспець!
               
                02.06.18