Хлеба крывавы кавалак

Ковальчук Тамара Васильевна
Нездарма хвалявалася неба,
Асядлаў хмару месяц рагаты -
Цераз поле, з кавалачкам хлеба,
Бегла дзеўка да бацькавай хаты.

А над ёй, у збянтэжаным стане,
Чарга куль агалцелых ляцела,
І хавалася ў шэрым тумане,
Бы ўпівалася ў мокрае цела.

Маладыя бярозкі стагналі,
І лажыліся ў травы густыя -
Да смяротнай мяжы іх загналі
Звар'яцелыя нелюдзі тыя.

Ды дзяўчына не чула нічога,
Не глядзела на зброю і катаў,
А прасіла аб літасці Бога,
Каб збярог толькі бацьку і хату...

Вось і двор яе з кусцікам бэзу,
І гладышачак шэраг на тыне...
А яе быццам хтось перарэзаў...
Кроў гарачая ў ножачках стыне.

На сцяжыначку з крыкам упала,
У вачах - толькі неба і хата.
Толькі ў ручцы збялелай трымала
Хлеб чырвоны, бы полымя ў свята.

Адчыніліся дзверы крывыя,
Выйшаў бацька... Зноў куля нясецца...
Падкасіліся ногі старыя,
Ды сардэчка ў агоніі б'ецца...

Нездарма аж да самага ранку
Хмара слёзы свае пралівала -
Бацька з донькай ляжалі ля ганка...
Побач - хлеба крывавы кавалак.

                26.06.2018 г.