Пах лiпавага цвету

Лариса Винникова 2
Пах восені. Пах дажджу. Пах хлеба. Пах дзяцінства. Калі восень, дождж, хлеб для ўсіх нас пахнуць амаль аднолькава, то пах дзяцінства ў кожнага свой.
Чым пахла наша дзяцінства? Многім… Гэта і смалісты пах дрэва: новай хаты, нефарбаванай падлогі, вокнаў, дзвярэй. Хваёвы і мандарынавы пах Новага года. Пах салодка-травянога сырадою каровы Лыскі. Бензінавы пах татавага “зайчыкавага” хлеба.    А яшчэ водар, які суправаджае ўспаміны пра тыя далёкія гады, - водар ліпавага цвету.
 Тыя ліпкі бацькі пасадзілі амаль адразу, як сталі жыць у новай хаце. Яны былі высокія, тоненькія, што нават аднойчы ў навальніцу мы выскачылі з хаты ратаваць іх ад ветру. І яны доўга яшчэ былі прывязаныя да калочкаў. Ліпы раслі перад дваром, нібы аддзяляючы яго ад шырокай вуліцы. А калі дрэўцы ўвабраліся ў сілу, то над усёй ваколіцай разліваўся  мядовы водар ліпавага цвету. І не толькі летам ён нас суправаджаў: і восенню, і зімой чай з ліпавым цветам часцяком напаўняў хату пахам лета.
Чаму менавіта ліпы выбралі бацькі? Не ведаю. Можа, таму, што ў родным маміным двары, у вёсцы Любань, ліпы раслі замест агароджы  паміж вуліцай і гародам. Восем векавечных ліп, верхавіны якіх і зараз відаць здаля. Па іх лёгка адшукаць месца былой сядзібы: няма ні хаты, ні двара, ні калодзежа (практычна і вёскі ўжо няма!), а ліпы растуць. І зноў кожнае лета ахутваюць мядовым водарам  вуліцу, здзічэлыя сады і пакінутыя хаты з пустымі вачамі вокнаў.
І, здаецца, не ведаў усяго гэтага муж мой, Сяргей Уладзіміравіч, але вырашыў пасадзіць паміж нашым дачным надзелам і лесам менавіта ліпы. Пасадзілі. Растуць! І гэтаксама прывязаны да калочкаў. Праз год-два зацвітуць…
Можа, і нашы ўнукі-праўнукі, успамінаючы дзяцінства, прыгадаюць пах ліпавага цвету.