З варагау у грэки

Артём Рапецкий
Хто выйшаў з варагаў, той прыйдзе ў грэкі -
Праз сотні гадоў ёсць адзін шлях.
Нас межы падзеляць, з'яднаюць нас рэкі
Кавалкі дарог - наш узняты ўвысь сцяг.

Наша багацце заўсёды з сабою
Нясем без прыпынку насустрач жыццю
Схаваць у скарбонку ўспаміны і мроі,
Цягнуць па валоках у рэку ладдзю.

Ніхто не казаў, што будзе нам лёгка,
Што вецер папутны нас будзе трымаць.
Трымаць гэты поспех, нявечны і крохкі,
У паходах у чужыя мясціны знікаць.

З халодных ільдоў на пякучае сонца,
З маўклівых прастораў у гамон гарадоў.
Верыць мячу, крыжу і іконцы,
Калі закіпае халодная кроў.

У свае абдымкі нас возьме утока,
Плынню падхопіць расхрэстаны чоўн.
Але як ні плыві - ўсіх чакае валока.
Цягнуць на сабе - наш вечны прыгон.

Дык хай трубіць рог - мы гатовы да бойкі.
Хто сёння наш вораг - вырашыць лёс.
Пакуль не зусім пустая скарбонка,
Мы будзем стаяць, бы раз'юшаны пёс.