***

Валерий Познякевич
Хвілінай поўняцца гады --
Я не спраўляю святы.
Я паміраю ад нуды,
Нібыта ў вёсках хаты.

Мой след застыў ля тых дарог,
Дзе згінула надзея.
На сэрцы шнары ад трывог --
Скажы, Радзіма: дзе я?

Чаму ты клікаеш мяне
Ў той кут, што стаў забыты?
Радкі твой лёс не абміне,
Слязу на твары вытры.

Зноў апакаліпсіс жыцця
Трывогай поўніць сэрца.
Яго я думкаю працяў,
Шукаю ў вершах сэнсу.

Ды і для іх няма дарог --
Вар'яцкі час маўклівы.
Ля сэрца тысячы трывог --
Трызненні, слёзы, кпіны.

Няма таго, што раньш было,
А што было -- не вернеш.
Сярод асушаных балот
Пагляд злавіў імгненне.

Растуць у полі каласы,
А ў каласах -- надзея.
Самотны крочу да вясны,
З ёй вочы праглядзеў я.

Шукаю ў памяці ўспамін,
Гады свае гартаю
І пералётных птушак клін
У новы дзень вяртаю.

Хачу пачуць іх галасы
Па-над забытай вёскай,
У краі страчанай красы,
Над кволаю бярозкай.