Вунь сцежкi лугавыя i ракiтнiк

Алёна Папко
Вунь сцежкі лугавыя і ракітнік.
О, белы свет, які прасторны ты!
Дзе абдымае водарам чарнічнік,
Дзе першы звон руплівіцы-касы.

О, белы свет, які ты патаемны
Ў промнях недапітага святла!
Усмешлівы. Трывожны і напеўны,
Як на далонях, зорная раса.

Калі пяецца шчыра і адкрыта,
О, белы свет, які шчаслівы ты! 
Каб мове прадзедаў не стаць забытай,
Са мной па-беларуску гавары!

О, белы свет, ты просты і складаны.
Сярод бароў зялёных і гаёў,
Як Коласаў аповед, верш Купалы.
Ты – гаманкая песня салаўёў!

2016