Вясновае

Алёна Папко
Святло надзеі льецца на зямлю,
Жыццё бяжыць няспыннаю ракою,
Вясна спявае птушкай лугавою,
Кладзецца промнем сонца на раллю.

Блакіт нябёс як шчыры дотык веры.
Чароўным водарам ахоплівае думкі,
Пралескі беллю афарбоўваюць скверы –
Зноў сакавік багат на падарункі.

А новы дзень на крылах жаўрука
Заб’ецца непаўторным прадчуваннем:
Здалёк, дзе пачынаецца рака,
Прыносіць вецер мне букет жаданняў.