Вось яна, прага да жыцця

Лариса Винникова 2
 
Чаму, трапіўшы ў аднолькавыя ўмовы, дрэвы (ды і людзі! ) вырастаюць рознымі?
 Вось маладыя бярэзінкі каля шашы: адна высокая, роўненькая, а другая, нібы белая арка, нахілілася верхавінай да самай зямлі. А па таўшчыні сяброўкі роўныя, і па ўзросту… Толькі той, што імкнулася вырасціць больш галінак і лістоты, у зімовыя снегапады большы цяжар трымаць прыйшлося. Вось і не вытрымала, схілілася. Хто да большага імкнецца, таму заўсёды цяжэй.
Але, нягледзячы на знешнюю слабасць (а можа, сілу? Не зламалася ж!), бярэзінкі-аркі ўздоўж дарогі прыцягваюць большую ўвагу і выклікаюць зацікаўленасць, здзіўленне і нават захапленне.
А вось лапінка (лапік)соснаў на ўскрайку. Хвоі ў сярэдзіне – высокія, стромкія, нейкія вытанчаныя, нават далікатныя. Мабыць, за сонцам цягнуліся. А крайнія, што на прасторы раслі,–  шырокія, разлапістыя, з мноствам сукоў  ад паламаных вятрамі і завеямі галін. А астатняе голле блытанае, пакручастае, нібы старэчыя рукі, з хворымі на артрыт суставамі. І выглядаюць гэтыя хвоі старэйшымі за сваіх суседак-аднагодак, бо першымі прымалі на сябе буры і непагадзь, прыгажосцю ахвяравалі, прыкрываючы тых, хто за іх спінамі расце.
Але ў жыцці не заўсёды большы ці мацнейшы перамагае. Вось у садзе пад яблыняй з’явіўся сланечнік-самасейка. Не сталі яго чапаць: няхай расце. Дык ён, танюсенькі, прабіўся між галінак, абапіраючыся на іх, і выцягнуўся  за сонейкам вышэй за яблыню, упрыгожыўшы  сабой дрэва.
  Вось яна, прага да жыцця. Ці барацьба за месца пад сонцам?..