***

Валерий Познякевич
Мой кожны верш, як споведзь перад Богам,
Перад Радзімай, маці, і сястрой...
Здзіўляюся, наколькі ж думак многа
Нясе ў сабе мой велічны настрой.

Пішу аб тым, што набалела ў сэрцы,
Што караням развіцца не дае...
Калі мой верш да высяў узнясецца,
Ён для Айчыны песню прапяе.

Я ж без яе, нібыта печ без дроваў,
Як лес без дрэваў, рэчка без вады...
Як хмары ў небе без дажджу і грому,
Як дуб, які не скінуў жалуды.

А ты, ці можаш так любіць Айчыну,
Вачамі піць палёў яе красу?
Яна ж цябе прыгожаму вучыла,
Чаму ж тады на сэрцы боль і сум?

Ніхто не здольны даць адказ праўдзівы:
Куды падзеўся з моваю народ.
Айчына ноччу голая хадзіла,
Чужая мова ёй крыўляла рот.

Яе чужыя рукі абдымалі,
Чужыя вусны цалавалі твар...
Айчыну мы ля сэрца не ўтрымалі,
Не ўбераглі яе любові дар.