Цi малая яна, мая малая радзiма

Лариса Винникова 2
   Мая малая радзіма…
Чаму малая? Не такая яна ўжо і малая. Яна, як тыя кругі на вадзе,  –  з самага маленькага разыходзіцца ўсё большымі і шырэйшымі.
У маленькім – самым першым – калыска; мама, тата, сястрычка, што схіляюцца над табой.
   Наступны, большы круг, ахоплівае  хату, па якой ты рухаешся, перапаўзаючы высакаватыя парожкі; двор, куды тупаеш, каб пагуляць з Тузікам ці паганяць курэй; хлеў, дзе Макараўна падоіць Лыску і напоіць цябе цёплым сырадоем…
   А доўгая-доўгая вуліца з цёплым мяккім пылам дарогі і вільготнай казытлівай травой уздоўж двароў тваіх сяброў і суседзяў адбіваецца ў яшчэ шырэйшым, наступным крузе.
Вось набліжаецца яшчэ адзін – школа з адвечным тапаліным снегам на лінейцы, са звонкім хорам, цімураўцамі, першымі падоранымі кветкамі і прапановай сябраваць…
Наступны круг пашырае межы тваёй радзімы і ўбірае ў сябе родную матуліну вёску, дзе праходзілі практычна ўсе канікулы. Любая, любая ЛюбАнь! Водар ліпы, свежага сена, пах цёплага разморанага статку, які пасвіш разам з дзедам Іванам. А вечарамі –  танцы пад гармонік. І чароўная Купальская ноч!
   Пасталеўшы, ствараеш новы вялікі круг: той куточак, дзе пусціла свае карані, дзе пасялілася створаная табой сям’я, дзе нарадзіўся твой парастачак – любая дачушка.
    Але няўмольны час робіць сваю справу і дадае  спачатку малюсенькі, а потым усё большы, горкі круг. Гэта месца, куды ты прыходзіш да сваіх родных. Памаўчаць, паплакаць, пагаварыць, параіцца… Але, на жаль, ніколі ўжо не атрымаеш адказу.
    І здаецца мне, чым шырэйшыя гэтыя кругі ўспамінаў, тым больш упэўнена і моцна стаіць чалавек на зямлі. Бо прырастае ён душой, як карэннем, да ўсяго, што дорага яго сэрцу, –  бацькі, суседзі, сябры, дом, вуліца, горад… А яшчэ – краявіды, пахі, гукі – усё тое, што часцей і часцей прыходзіць у снах.
   Вось так зноў і зноў мігцяць кругі ўспамінаў на вечаровай роўнядзі майго жыцця. А ў іх  адбіваецца дрыготкае  адлюстраванне такой знаёмай мне дзяўчынкі. Дзяўчынкі з Горада Трынаццаці Мастоў.