Невыноснае

Чабарок
Па сцерні йду, па сенажаці,
асцюк упіваецца ў нагу,
я ў роспачы гукаю маці -
матулька, болей не магу!

Як мне трываць?
          Як ты трывала
нясцерпнасць горычы жыцця,
дзе паўсядзённая навала
вядзе ў багну небыцця?

Збіраць каменні для пагосту
на пастамент за ўсе труды,
мне Бог не выракае росту -
няспелыя яшчэ плады.

Шчэ спіць народ і "абы-якасць"
не звяжа пышныя снапы,
свабодалюбства і інакасць
прыглушаць царскія папы.

Балюча мне ісці па пожні,
цяжкі дажынак каравай,
а ў паднябессі клінам познім
ляціць жыццё за небакрай.