Каб усё добра было

Лариса Винникова 2
               
Сёння каталіцкія Каляды. Мы з Валькай не ведаем дакладна, ці былі ў нашым радаводзе  каталікі, але з павагай ставімся да гэтага свята. Таму святочная пераднавагодняя сустрэча з падарункамі і віншаваннямі прыйшлася менавіта на гэты дзень.

Чамусьці ўспаміналі сёння нашу любанскую бабулю Насту і дзеда Івана, маміных бацькоў. Гаварылі больш пра бабу Насту, яе апошнія адзінокія (без дзеда) гады. Колькі магла, рабіла. Моцна балелі ногі і спіна, дык палола грады на ўслончыку, падсоўваючы яго ўперад. А калі ўжо слабая зусім стала і вымушана была жыць у дачкі, цёткі Мані (якой ужо таксама няма на гэтым свеце…) , то вязала цыбулю ў доўгія вязанкі-косы. Нягнуткія пальцы, з пакручанымі поліартрытам суставамі, няспешна і звыкла рабілі гэтую марудную работу.

Нікога не пакрыўдзіла, нікому не хацела замінаць… І ёй хапала мудрасці не асудзіць чалавека, а рассудзіць, не пакрыўдзіцца і не пакрыўдзіць, не павысіць голасу… “Абы добра, дзетачкі.” Цяпер толькі разумееш, колькі нядобрага яна перажыла, што так імкнулася, каб усім – добра.

Успамінаў шмат, але сястры час ад’язджаць. Развітаўшыся з ёй, іду на святочны кірмаш за лясной калючай прыгажуняй. Прыглянулася адна. Пытаюся: ”Адкуль ялінка?” І чую нечакана такое роднае: “Буда-Кашалёўскі лясгас.” Гэта ж радзіма маёй бабы Насты і дзеда Івана! Маёй мамы! Яе братоў і сястры. Гэта і мая радзіма.
 
А ялінка гэтая –  нібы працяг успамінаў, нібы святочнае прывітанне ад бабы Насты: “Каб усё добра было …”