Бабуля з будзiльнiкам

Лариса Винникова 2
 
Бабулі, бабулі. Вясковыя бабулі… Вось прыгадала сваю бабу Насту, а на думку прыйшла гісторыя, пачутая ў глыбокіх саляных шахтах Салігорска, куды з’язджаюцца хворыя на астму з усяго былога Савецкага Саюза. Вось аповед украінца Уладзіміра Іванавіча, які дзякуючы звычайнай беларускай бабулі, абраў сваёй другой радзімай Беларусь.

- Я былы ваенны, адстаўнік, так сказаць. Зараз жыву пад Лепелем, куды мяне пасля службы за мяжой накіравалі для далейшага праходжання службы. Покуль кантэйнер з нашай маёмасцю дабіраўся да месца, мне далі невялікі адпачынак, які мы з жонкай правялі на Украіне, у родным горадзе.Туды мы і планавалі вярнуцца праз год-два, бо перавесціся ў Саюзе было нескладана.

Дык вось, у Лепель мы паехалі на ўласным новенькім аўтамабілі, які набылі за мяжой. Хоць дарога няблізкая, але дах над галавой  ёсць, а пераначаваць можна, збочыўшы з дарогі. Першую ноч так і зрабілі. А на другі дзень, пад вечар, застала нас на трасе навальніца. Бачнасць – нуль. Такая напагадзь, што ехаць нельга  і стаяць на абочыне небяспечна. Лес кругом, а дрэвы вялікія, аж гудуць. А тут знак дарожны перад вачыма: справа праз кіламетр – вёска. Мы і вырашылі там спыніцца на адкрытым месцы.

Вёсачка была невялічкая, два ці тры ліхтары ўсяго. Пад’ехалі да першага, што побач з калодзежам, ды і спыніліся. А маланка б’е, дажджэча сячэ!.. Бачым: з аднаго, другога двара да нас ідуць.”Хто вы? Да каго вы? Ідзіце ў хату начаваць!” А з бліжэйшай хаты – бабуля, сухенькая, як птушачка, а вецер рве з яе рук накідку, шматуе, нібы крылы трапечуць.”Дзетачкі, хадземо ў хату!” Мы адмовіліся, бо ў машыне месца досыць, але папрасілі яе пабудзіць нас а чацвёртай гадзіне, каб досвіткам выехаць. Непагадзь яшчэ доўга бушавала, і мы, стомленыя, змарыліся.

На золку я прачнуўся. Было без чвэрці чатыры. Прыўзняўся на руцэ, зірнуў у акно – і аслупянеў. Каля шэрай ад вільгаці хаты, на мокрай лаўцы, сядзела бабуля-птушачка. Цёмная накідка спаўзла з пляча, светлая хустачка, вывязаная вуглікам зверху, нібы асвятляла спакойны твар. І тут я заўважыў яшчэ адну светлую пляму –  рукі. Яны, нібы пяшчотныя крыльцы, асцярожна трымалі вялікі круглы будзільнік!

Я апусціўся назад на сядзенне, прылёг і стаіў дыханне. Такі пранізлівы боль, і жаль, і вялікая ўдзячнасць ускалыхнулі маю душу, што дыхаць не было як. Праз пятнаццаць хвілін мы пачулі далікатны стук у шыбіну акна: “Чатыры гадзіны.Уставайце, дзетачкі!”

І ўжо нават гэтага хапіла б мне, каб усім сэрцам прыкіпець да беларускай зямлі і яе людзей, але бабуля запрасіла нас: ”Не пагрэбуйце паснедаць! Я булён зварыла свежанькі: пеўніка засекла маладога”. А ў дарогу бабуля падрыхтавала нам пачастунак – сушаных скрыглікаў і дзічак…

Абдымаючы нас на развітанне, гэтая святая жанчына, паўтарала: “Дзякуй, што не адмовіліся! Дзякуй, што не пагрэбавалі.”

Расказчык спыніўся, памаўчаў… А потым крыху сеўшым голасам дадаў:
- Як можна было пакінуць гэтую зямлю, на якой жывуць такія Людзі…