Цячэ святло...

Станислав Маевский
Вяртаецца цяпло і па крыху
з душы спаўзаюць восеньскія хмары.
Ды надаль ёй нялёгка ўздыхнуць,
бо ўжо  з зямлі задымліваюць, паляць...
Спрачаецца ў небе з громам гром,
здаецца, што і там не ўсё па-людску:
маланкі, крыўды, слёзы, цяжкі стогн.
Вясёлкі зрэдку нам адтуль смяюцца.
Нашто яны, калі іх не дастаць,
як зорку сарамлівую для любай.
Цячэ з нябёс звычайная вада,
згараюць зоркі, як і самі людзі.
Мо іх цяпло вяртаецца да нас
пад раніцу з матулінай усмешкай?
Вось толькі не ўдаецца затрымаць.
Цячэ святло здалёк, каб я сагрэўся.