Прыпыленае

Ольга Маро
Заўжды блукаючы ў царкве,
ўстаю па-правай, дзе мужчыны.
Я валатоўна.
Мне з баб’ем
стаяць па-левай немагчыма.

Мужыцкай шырыні плячэй
шчэ пара дадатковых крылаў –
таму мацуюся ямчэй,
каб дзе чаго не зачапіла,

Не напужала святара,
не пабурыла багамолак...
Я валатоўна.
Гора я
раптоўнае,
усяму, што тонка.

Раўмя на прычасці раву,
бы жудасці мне мала, мала.
Я пакладаю галаву за ўсіх,
каго не ўратавала.

Смаркаты так сабе герой,
але адчайна і наіўна
я дзёрзкай мышцаю сваёй
гвалтую ўпарта пандэмію.

Ды далікатнасць сцерагу,
з якой гасподзь без адпачынку
маю магутную вагу
нясе праз прорву, як пылінку.