Воблака

Виктория Левина 2
                в переводе Тамары Ковальчук
                на беларусский язык               
 
 Жыццё як жыццё. Нармальнае жыццё, як ва ўсіх. Можа нават і лепщае, чым у многіх. А што? Муж, двое дзяцей, кватэра, праца. Многія маладыя сем'і жывуць з бацькамі, ды яшчэ з задавальненнем, я вам скажу! А ў іх – двухпакаёвая «двушка», нават не хрушчоўка, заўважце, – у цагляным доме з таўшчэзнымі сценамі, таму што на першым паверсе гэтага самага цаглянага дома. Прынцып «вежы»: на ніжніх паверхах сцены патаўсцей, на верхніх – танчэйшыя...
- Ой, пра што гэта я? – адарвала сябе Ніка, – не пра тое думаеш, галубка! Што ж цяпер будзе? Як цяпер жыць, у ста шасцідзесяці кіламетрах ад Чарнобыля?
Учора, калі яна гуляла з дзецьмі, муж напалохаў яе. Прыбег з працы ў нявызначаны час, схапіў дзяцей у ахапак, пацягнуў у дом. Што такое? Такі добры дзень! Сонечны. Праўда, вельмі ветраны. Гуляць і гуляць! Узіраючыся ў твар мужа, спалохана падумала: «Што-небудзь здарылася, ніколі яго такім не бачыла!»
І ўжо, сцягваючы з дзяцей верхняе адзенне, і чамусьці люта вытрасаючы яго з балкона, кінуў праз плячо:
– На Чарнобылі рванула... Спадзяюся, ты разумееш...
Так, яна разумела. Яны абодва былі «тэхнарамі». Заканчвалі тую самую ВНУ, якая рыхтавала кадры для Чарнобыльскай АЭС. На шчасце, удалося ўзяць «свабодныя» дыпломы: ёй раней, у сувязі з цяжкай цяжарнасцю, а яму пазней, для ўз'яднання з сям'ёй, дзе ўжо было маленькае дзіця. Але ўсе іх студэнцкія сябры былі там, на зменах, у злашчасным чацвёртым блоку...
 Охнуўшы, Ніка асела на крэсла.
– Як, што? – вусны амаль бязгучна варушыліся.
Але ў той самы дзень і радыё, і тэлебачанне маўчалі. І ўсе гулялі звонку ў парках і садках, з дзецьмі ў калясках, збіраючы рэнтгены на ўсё наступнае жыццё...
Яны нядаўна размаўлялі з хлопцамі. Студэнцкія сувязі былі неймаверна моцныя ў іх асяроддзі – столькі гадоў разам, у інтэрнаце, дапамагаючы адзін аднаму ва ўсім, абагаўляючы адзін аднаго! Так, Ніка вельмі любіла ўсіх сяброў мужа, якія, не змаўляючыся, у той жа дзень, калі даведаліся, што яны вырашылі ажаніцца, вызвалілі ім маленькі пакой у блоку інтэрната. Жылі яны ўсё вельмі дружна: за стол садзіліся разам, усё было згуртавана. Усе працавалі на ўсялякіх часовых шарварках, і грошай было – заваліся! Хадзілі ў тэатры, дазвалялі сабе рэстараны, ездзілі на моры. Ніка любіла сваіх  «брацікаў»: і раўнівага Ваську, які ніяк не мог дараваць сябру жаніцьбы, і разумнага Толіка з ачкамі ў падлогу – асобнага, і з ахайнасцю эстэта Косцю.
А цяпер яна з мужам тут, а яны там, на чацвёртым блоку. Ніка заплакала. Дзеці таксама загаласілі ў голас, не разумеючы, чаму бацькі абняліся і так і стаяць у калідоры, не рухаючыся. Маці – так наогул плача.
Па радыё не казалі нічога. І людзі жылі вакол, як быццам нічога не здарылася. Шпацыравалі па вуліцах, вадзілі дзяцей у садкі і школы, хадзілі на працу і стаялі ў чэргах у крамах.
Вестак ад сяброў не паступала. І Ніка з мужам вырашылі, што нічога страшнага не адбылося. Напэўна, спрацавалі сістэмы абароны і ўдалося лакалізаваць выкіды і пажар. Радыё ўпарта маўчала і казала аб усім, акрамя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але чуткі прасочваліся скрозь гэтую глухую сцяну нявызначанасці. Радыёактыўныя ападкі ішлі на Беларусь і ўкраінскія гарады, дзесьці выпаў дождж чорна-ружовага колеру...
Яна ехала з маленькімі ў аўтобусе дамоў з заняткаў у балетнай студыі. Людзей у аўтобусе мала. Да канчатковага прыпынку даязджалі яны адны.
– Дзяўчынка, – крычыць праз увесь аўтобус шафёр, – Хапай хутчэй дзяцей у ахапак ды бяжы дадому! Воблака радыёактыўнае рухаецца на горад, толькі што перадалі! Ды вокны, вокны дома чым-небудзь заклей герметычна!
Ніка бегла з дзецьмі па абсалютна пустой вуліцы. Усе ўжо паспелі пахавацца па дамах, пакуль яны чакалі аўтобус, мабыць, апошні на сёння. Па небе сунулася злавеснае воблака ружаватага колеру... Як у кашмарным сне, гэтая карціна ўсё жыццё будзе стаяць у яе перад вачыма...
У тое лета яны адвезлі дзяцей у сярэднюю паласу Расіі далей ад радыяцыі. Але там, у маленькім заштатным мястэчку, непрабуднае п'янства свёкра і дэпрэсія свякрухі ледзь не згубілі дзяцей: іх пакінулі адных у вясковай хаце без выгод, з глыбокім калодзежам. Даставаць адкуль ваду ім было не пад сілу. Суседзі падкормлівалі галодных, вашывых дзетачак. Ноччу дзяўчынкі замыкалі хату на сякерышча, баючыся п'яных трактарыстаў. А ў гэты час у горадзе бацькі мужа вырашалі свае сямейныя праблемы і тэлефанавалі сыну, што ўсё з дзецьмі ў поўным парадку і яны жывуць «на свежым паветры»! Бог ім суддзя, былым сваякам. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
А інстытуцкія сябры сышлі адзін за адным у спецыяльных клініках радыёлагічнай тэрапіі. У той злапомны дзень была іх працоўная змена.