Птушка вольная

Вершы
Ведаеш, усё, на што я здольная –
Сумаваць, што ты не птушка вольная,
А краіна, загнаная ў кут.
Ты глядзіш разгублена, збянтэжана
І мяне шукаеш побач – дзе ж яна? –
Я з табою думкамі, я тут.
Трохі ў часе толькі размінуліся,
Я ўжо на праспекце – ты на вуліцы
Лётчыка Акрэсціна жывеш.
Але гэта дробязі. Павольна я
Да цябе іду, краіна вольная,
І табе чытаю гэты верш
Пра Праспект Свабоды, не Акрэсціна.
Муры ўсе разбураны, а дзе сцяна
Засталася – там карціны дзён,
За якія сорамна мне, родная.
Бо заместа фарбаў кроў народная –
Тысячы зняволеных імён.

17.08.2022
PeraMen

P.S. Гэтыя і іншыя вершы на беларускай мове я зараз пішу толькі дзякуючы маёй жнівеньскай музе – Сашы Курковай. З вялікай павагай і падзякай за добразычлівасць і клопат, за такія патрэбныя і правільныя словы падтрымкі   (PeraMen)