Гадзiннiку

Вершы
Гадзіннік, час адлічваючы, дзівіцца не зместу таго, што я пішу пад небам Вільні для ўсіх вас. Я запар трэці год пішу гісторыю пратэсту, i вершамі сваімі я магу ўплываць на час. Гадзіннік трохі здзіўлены, што я яшчэ не здаўся, кладу паперы ў стос, у кут пісьмовага стала. Усё таму што сэрцам я на Кнорына застаўся, i ўсё раблю магчымае, каб Беларусь жыла. Гадзіннік замірае ў дваццаць тры трыццаць чатыры, ён баязліва косіць вокам: можна йсці далей? Зязюля ў ціхай паніцы: перашкаджаюць гіры ўзляцець у неба вольнае каб час ішоў хутчэй. Гадзіннік, ты ўсё ведаеш мяне, магчыма, лепей. Чаму я так па-рознаму аловак свой крышу? – Пакуль сябры пакутуюць мае ў каменным склепе, залежыш цалкам ты ад усяго, што я пішу. Хачу цябе паскорыць – напішу пра дождж і сонца, хачу цябе спыніць – пішу, як лёс марнуе нас. Калі ў краіне змрочны час – я веры абаронца, калі надыдзе свята – я забудуся на час.

25.08.2022