Лiст-2

Вершы
Кацярына Андрэева


Я рэдка пра гэта кажу, але тут не хапае
Працоўнага рытму, калі мікрафон у руцэ, (й)
Хвалюючых момантаў творчасці ў стылі «ТУТбая»,
Каманды «БЕЛСАТа», і проста звычайных падзей.

Сумую па ноўце, дзе пальцы на клавіятуры
Маглі, даганяючы думкі мае, танцаваць.
Я веру, я ведаю: скончыцца час дыктатуры
І рэха крывавых падзей мы не будзем чуваць.

Я рэдка пра гэта кажу. Сумам па аб'ектыве
Увагу спрабую адвесці ад чорнага сну.
Я веру, я ведаю: лепшае – у перспектыве,
Чакайце мяне, як узімку чакаюць вясну.

Я рэдка пра гэта кажу, але вашыя словы –
Крыніца надзеі і веры ў найлепшы зыход.
Я хутка вярнуся, мы ўзнімем, нарэшце, галовы,
У куфлі нальём – развітаемся з часам нягод.

23.09.2022