Олюдэниз

Вершы
Не ведаю, чаму мяне сюды пазвалі,
Навошта гэта ўсё: і сонца, і пясок?
З чыіх гаротных слёз стварыла мора хвалі,
І чый у плачы чаек чутны галасок?


Маўляў, пад хвальяў шэпт пісаць пра шчасце зручна...
Але тады чаму зноў думкі аб вайне?
Не лечыць сэрца мне спакой часовы, штучны,
І ежа, і пітво не лезуць у мяне.



І я выходжу прэч з турэцкага будынка
Да мора, што сваіх трымаецца краёў
Да той пары, пакуль на беразе ўкраінка
Складае слова "МИР" з шурпатых камянёў.

03.11.2022