Алесю

Вершы
Алесь Пушкiн,
беларускi мастак
(06.08.1965-11.07.2023)


Непрыкметна і ціха – як сонца садзіцца за лес,
Час гісторыю піша сваю коштам жыццяў і лёсаў.
Мы губляем найлепшых сыноў Беларусі… Алесь,
Абяцаю, што мы пераможам, ты ўбачыш з нябёсаў.

Мы збяромся на плошчы падымем уверх, дагары,
Твары нашыя, каб паглядзець: цi не бачна там бога?
Ты ўсміхнешся, убачыўшы помнік у родным Бабры,
І пазнаеш сябе ў ім – нязломнага, вечна жывога.

Я злуюся, калі апраўданнем гучыць «Час такі»,
Бо злачынца не той, хто за думкi пазбаўлены волі.
Непрыкметна і ціха сыходзяць ад нас мастакі.
Толькі мы не забудзем усіх, хто не вернецца болей.

11.07.2023