Паланiць не павiнна

Анатолий Яльницкий
Зноў у вырай буслы ляцяць,
Сумна ў небе імглістым кружаць,
Абыякавасць да жыцця
Паланіць не павінна душу.

Адгарэў, адпалаў агнём,
Раскалоўся ў маланках жнівень,
Разумееш з наступным днём,
Як учора ты быў наіўны.

На палотны крывых дарог
Шчодра золатам сыпле восень,
Павуцінне былых трывог
Лёгкім ветрам на захад зносіць.

Вераснёўскі прашэпча дождж
Нам пра новыя спадзяванні,
Паласа лёсу белая ўздоўж
Моцна вабіць на скрыжаванні.