Як прыйшла бяда у вёску...

Василь Гардзиенак
     (народна-аўтарская песня-балада)


Як прыйшла бяда
               у вёску-
Пошасць нібы
               кара боска,
Як прыйшла яна
               страшэнна-
Лекаванне ўсё
               дарэмна.
Вось тады
               адна старая
Лёну вынесла
               і раіць:
"Трэба прасці нам
               кудзелю,
І саткаць ручнік
               ў нядзелю.
Толькі каб ад першых
               пеўняў
Ткаць чырвонае
               на белым,
Да начы нам скончыць
               трэба,
Бо яго нам моц
               патрэбна,
Будзе нам ён
               абаронцам,
Толькі трэба ткаць
               пад сонцам."
Вось дзяўчыны
               сабраліся
І за працу
               узяліся,
І саткалі
               за дзянёчак
Абыдзённік-
               рушнічочак,
А ўначы пайшлі
               ў прыволле,
Вёску абыйшлі
               па коле,
Прыканцы на крыж
               вялікі
Павязалі той
               ручнік мы,
Пачалі чакаць
               на ранне-
Ёсць хвароба
               ці растане?
Вось і сонца
               прыгажэе
Ды не чутна
               галашэння!
Дзякуй бабцы
               за параду-
Рушнічок саткалі
               ладны,
Апярэзалі
               ўсю вёску
І пусцілі
               пагалоску,
Каб даведаліся
               людзі,
Каб наш край
               не абязлюдзіў,
Што ад пошасцяў
               на ўцехі-
Ёсць старыя
               абярэгі!

(Пры выкананні кожны радок паўтараецца два разы.)


Абракальныя крыжы - гэта з'ява матэрыяльнай i духоўнай культуры беларусаў. Такi крыж можна напаткаць ледзь не у кожнай беларускай вёсцы. Неад'емнай часткай абракальных прыдарожных крыжоў з'яўляюцца абракальныя тканiны. Абракальныя тканiны выраблялiся ў крызiсных сiтуацыях i выконвалi функцыю ахвяравальных дароў, якiм прыпiсвалася здольнасць адводзiць бяду i засцерагаць ад няшчасцяў. Магчыма, найбольш яскрава ахоўная функцыя ўвасоблена у ручнiках-абыдзённiках. Абыдзённiк - рытуальная тканiна, часцей за ўсё ручнiк, выраблены ў пэўнай крызiснай сiтуацыi: пры эпiдэмii, падчас засухi, градабою, падзяжу свойскай жывёлы ды iншых няшчасцяў. Этымалогiю слова раскрывае выраз, якi звычайна беларусы ужываюць для вызначэння часовых параметраў, якiх патрабуе рытуал, - зрабiць тканiну за адзiн дзень цi «аб дзень», што характарызуе рытуальны прадмет як абыдзённы, іншымi словамi, зроблены ад пачатку i да канца ў рытуальна сканцэнтраваны прамежак часу - за адзiн дзень. Рытуал вырабу такой тканiны наступны: у адной хаце за дзень жанчыны (часам толькi старыя, «чыстыя» або удовы) цi дзяўчаты пралi кудзелю i ткалi ручнiк. З атрыманай тканiнай абыходзiлi вакол вёскi, поля, пераганялi праз яго жывёлу, а потым ў якасці ахвяры вешалі на прыдарожны абракальны крыж. Трэба падкрэслiць, што дадзены рытуал не звязаны з этнаканфесiйнымi традыцыямi, да яго ў роўнай ступенi звярталiся праваслаўныя i каталiкi. Гэта можа сведчыць аб яго фармiраваннi ў дахрысцiянскi перыяд.