Вербы

Баринов Мишель
Вербы.

Я ведаю вас з непаўторнага часу дзяцінства -
Асілкі, якія рукамі краналіся неба -
Улетку ад спёкі ўсіх нас загароджвалі лісцем
Вялікія, дужыя дрэвы - прыгожыя вербы.
Ахвотна малютак прымалі ў каманду "тутэйшых",
Давалі сябе абмяраць неабсяжным абхватам,
А потым пакорна цярпелі нас крыху старыйшых,
Гайдаліся покуль на вашых парэпаных "лапах".
Матулі з бабулямі ўвесну пруткамі "хрысцілі",
З таўсцейшых свістулькі браты для малых выразалі,
Таму мы і смак гаркаваты ад вербнай галінкі
З радзімай малой для сябе назаўжды аб'ядналі.
На вас зарабляліся часам і першыя "шышкі"
Калі навучаліся з веткі на ветку ўзбірацца
Вы першыя нашыя "крокі", "вяршыні" і "вышкі" -
"Дакладныя мэты" - так нас прывучалі змагацца.
Вы цвёрда стаялі, калі асыпалася лісце,
А мы раз'язджаліся ў безліч студэнцкіх завулкаў.
А потым загінулі вёскі , вы  ж зноў засталіся
Цярпліва чакаць ад кагосці другіх падарункаў.
***
Я зноўку прыехаў да вас, мае любыя вербы!
Вандроўнік сівы, што калісці ў вас закахаўся.
...Я вас не пазнаў - пахіліліся ўсё вы да глебы ,
І з кожнай галіны старой быццам чуюцца спевы
Пра тое, што хочаце вы, каб я з вамі застаўся.