Да сваёй Беларусi хiнуся...

Ядвига Довнар
Да твайго небасхілу вярнуся
З жыццясветных вандровак сваіх,
Як вяртаюцца ластаўкі, гусі
Да гнёзд родных, да подыху іх.

Там, ля Віліі зноў стрэне бусел,
Дзе таемна шапоча трыснёг,
Да тваіх краявідаў хінуся,
Як хінецца трыпутнік да ног.

Росы скоцяцца мноствам вясёлак –
Бальзамінак на родным акне,
І юнацкай цнатлівасцю золак –
Па-над борам – ружовым дыхне.

Пырснуць першыя промні з усходу
На смарагдавы мяккі мурог,
І паўстане з туману ля броду
З сеткай рыб прадзед?.. дзед?..
Мо, сам Бог?!.

Да сваёй Беларусі хінуся...

5.05.2024   Ядвіга Доўнар-Кур'яновіч