Палесскiя замовы

Thinkerbell
1
ад нечаканага дзiцяцi

Адным разам,
Божым часам
Казку гаварыла
Божа Мацi, Божа Мацi
Малому дзiцяцi:

«Я цябе, кавалак дробны,
Ураначку стварыла,
А цяпер хаджу у турбоце,
Стагну у маркоце:

Гадаваць цябе, кармiцi,
Сапраўды як мацi,
Цi адразу на пакуты
Да людзей аддацi?

Ад вятроў не захiсацi,
Сонейкам палiцi –
Альбо ў роднай чорнай хаце
Пад палом хавацi?

Не глядзела б мае вока
Ды не чула б вуха,
Колькi ты ад чалавекаў
Атрымаеш здзекаў.

Стрэнеш досыць жарту, маны,
I ганьбы, i гора.
Будзеш здраджаны, праданы
Лайдаком Рыгорам,

Цi зайздросным нашым рэбе,
Цi дзяўчынкай Ганкай.
Ты нiкому не патрэбен,
Толькi тату з мамкай,

Але бацька-небарака,
Бачыш, не ўратуе.
А цi упёкся, а цi урокся
Ты сваёй матулi,

Што цябе, кавалак сэрца,
Страцiць я павiнна?
Хай не цiсне, хай не рвецца
Мая пупавiна,

Не аддам цябе нiкому,
Не аддам, хоць рэжце,
Раскажу каму другому
Казачку нарэшце».

Другiм разам, Божым часам…

2
на здаровых дзяцей

Адным разам,
Божым часам
Стрэла Божа Мацi
За касцёлам трох анёлаў,
Пачала пытацi:

«Анёл першы, што шукаеш,
Чаму тут iснуешь?»
«Я наведваю ўрачоных,
Бледых, пракажоных,

Альбо з чорнаю хваробай,
Кволых ды шалёных –
Накiроўваю ў дарогу,
Адпраўляю к Богу».

«Анёл другi, Богаў сябар,
Што няйдзеш на неба?»
«Я таму не йду на неба,
Што на небе хмары.

А пiльную я, дарэчы,
Розум чалавечы
I выконваю патрохi
Неблагiя мары».

«Анёл трэцi, анёл светлы,
Прыгажун найлепшы,
Ты навошта тут чакаеш
I каго гукаеш?»

«Я ратую з небяспекi,
Ад зайздросных думак
Ды раблю малым дзiцяткам
Цацкi ды жывёлак».

«Ад хваробы я ўратую,
Урокаў ды заломаў,
Але Богу не вяртаю,
Вяртаю дадому.

Чалавечы злосны розум
Лаю другiм разам,
Але мары не чапаю,
Быццам яны з раю.

Стань мне першы за спiною
Ды сачы за мною,
Стань па правую далоню
Анёл бесстаронны,

А ты, анёл мне найкрашчы,
Анёл урачысты,
Мне да сэрца дакранiся
I там застанiся».

Другiм разам, Божым часам...