Пагоня

Хеллар Хьярта
Сярод будзённай мiтусьнi
Ўдыхнуўшы горыч лiхалецьця,
Мы ў захапленнi, нiбы дзецi,
Гартаем казачныя сны.
Тугой народжаныя вершы
Натоўпам крочаць па лiсьце:
«Чакай! Ён вернецца, наш вершнiк,
З крыжом паганскiм на шчыце.
Узьняўшы меч, на белым конi,
Ён адшукае шлях да нас,
Ён нашы сэрцы абаронiць
Ад брудных зманаў i абраз!..»

Штрых-кодам,
Частаколам
Вейкi
Цень кiдаюць.
Палю паперкi,
Дзе слоў зашмат,
А справы – нуль.
Дарэмна мроiцца нам вершнiк.
Не, ён ня вернецца, пакуль
Мы творым пафасныя вершы
Ў кутках хаваючысь ад куль.
I абыякавасьць атрутай
Паволi множыцца ў вачах,
I вусны сьцятыя маўчаць,
I не адмыцца ўжо ад бруду,
Што налiпае да душы…
Хто з нас ня быў – у думках – Брутам?
Але ня здолеў, не рашыў
Прыдбацi марныя пакуты…
Наш гонар здох. Застаўся смутак
Па зьзяннi страчаных вяршынь.
I прывiдам былога болю
Скрозь нашы сны iмчыць Пагоня…

…Сябе пытаю раз сто першы:
«Цi вернецца калi наш вершнiк?»