Свабода Менская балада

Хеллар Хьярта
Сонца пальцам-промнем водзiць
Па абшарпанай сьцяне…
Падзiвуйся-ка, народзе,
Як вiтаюць тут мяне!

Для мяне прыгналi танкi
Ды амапаўцаў узвод,
Крочаць шэрагi iх шпарка
Мне насустрач i ў абход.

Наблiжаюцца няўмольна.
Абкружылi… вашу маць!..
А за што такi мне гонар –
Цi дазволiце спытаць?

Мо за тое, што ўздымаю
Зганьбаваны вамi сьцяг?
Мо таму, што размаўляю
Не пра тое дый ня так?

Што сьмяюся з вашых страхаў,
Што жыву – наадварот,
Без усялякiх «ператрахаў» -
Цi то «ў_рот», цi то «ня ў_рот»?..

…Пад забраламi схаваны
Вочы ўдалых малайцоў,
Па шчытах калоцiць брава
Безлiч гумавых дубцоў.

Ну, чаго яшчэ чакаем?
…Прасьлiзнуў, нiбыта гад,
Памiж шчыльнымi радамi
Сьцiплы выкармак улад.

Ён – ахвяра палкай веры,
Што яму патрэбны – Цар.
Ён смакуе ўжо наперад,
Як пальне мне проста ў твар.

Як крынiцаю барвовай
Па сьцяне запенiць кроў,
А дзе зараз ёсьць мой голаў,
Будзе мешанка з мазгоў…

Вяснавы ўдыхая водар,
Я шапчу, нiбы ў сьне:
«Я прыйшла – твая свабода.
Што ж ты цэлiш у мяне?

Можа, я прыйшла заўчасна?
Мо, спазьнiлася зусiм?
Мо, знайшлi свае вы шчасьце
Ў чарцы, шкварцы дый хлусьнi?»

Шэпат мой зьнiкае ў гвалце…
Сiнь нябёс, дай моцы мне!
Я – народжаная ў марце
Дзеля роспачы… Цi не?