Ведзьма

Леонид Пранчак
ВЕДЗЬМА

Далёкая даўняя прытча.
Хто ведае: праўда ці не?
Я чую, як з бездані кліча
Зажураны голас мяне.

Штодня, калі ноч наступае,
На ўсіх наганяючы страх,
Кульгавая ведзьма старая
Выходзіць з балота на шлях.

За мною употайкі сочыць.
Я выразна бачу яе.
Але паглядзець ёй у вочы
Ні дыху, ні сіл нестае.

За ёю іду паслухмяна.
Туды, куды хочацца ёй.
Бязвольны і зачараваны
Уладай яе нада мной.

Канчаецца сцежка.
Бяздонне.
І нельга вярнуцца назад.
А ведзьма ад радасці стогне.
І свой не адводзіць пагляд.

Прыйшлі.
Сталі ля небакраю,
Гаворыць яна.
Я маўчу.
-- Душа твая трэба.
Купляю.
Любою гатоўкай плачу.

-- Сыдзі! --
Бо разгневацца мушу.
А ведзьма шыпіць:
-- Не сыду.
Альбо аддасі сваю душу,
Альбо галавой у ваду.

Цана цябе не здавальняе?
Упартасць твая -- дурата.
Мо славы табе не хапае?
-- Усё, што ты кажаш, -- лухта.

Ад прыкрай агіды злуюся.
А ведзьма:
-- Чаго ты злуеш?
Я ў сэрцы тваім пасялюся.
І ты мяне ў рай пранясеш.

Так робяць усе вашы людзі.
Яны неразлучны са мной.
Не бойся, цябе не убудзе
Ад гэтай паслугі малой.

Усё будзеш мець, што захочаш,
Любыя зямныя дары.
Чаго, бедалага, рагочаш?
-- Я маю усё.
-- Не дуры!

Пра сэрца сваё маладое
Падумай ты лепей найперш.
Аддай, што мне трэба.
Затое
Зямное жыццё зберажэш.

Я, можа, хацеў бы, і вельмі.
Дамовіцца трэба з сабой:
Стаць целам для жудаснай ведзьмы
Альбо паплаціцца душой.

Я вочы падняў, азвярэлы,
І ведзьму паглядам спаліў.
Перахрысціўся, збялелы,
І ў чорную бездань ступіў.

Багацце – нядрэнная штука.
І слава – нічога сабе.
А ведзьма – аблезлая сука
З вусамі на верхняй губе.

Хоць рэж мяне, не пагаджуся.
Дурманіць спадман галаву.
Мне славы не трэба.
У скрусе
Дасць Бог, без яе пражыву.

Маўчалі каменныя скалы
У бездані прама на дне.
Я падаў…
А ведзьма крычала,
Нібы шкадавала мяне.

У цемры надрыўныя крыкі
Наскрозь праціналі прастор.
Вачэй перакошаных блікі
Гарэлі мільёнамі зор.

…А я аб каменні разбіўся.
Пакуль у прытомнасці быў,
Мне Бог даў вады. Я напіўся.
І ў тое ж імгненне ажыў.

Нявінная кроў чырванела
Вуголем даспелых ажын.
Памерла пакутнае цела,
Каб змог я ўваскрэснуць і жыць.

Нібыта з чужыны дадому
Вярнуўся, спазнаўшы сакрэт.
І лёгка, і светла самому,
Бо зноў нарадзіўся на свет.

Забылася тое здарэнне.
Не хочацца боль варушыць.
Пачулі аблокі маленне
Зняможанай крыкам душы.

Мне стала тады зразумела,
Што трэба жывому спярша:
Душы немагчыма без цела,
А целу патрэбна душа.

Штодня, калі ноч ноч наступае,
Крычаць пугачы над ракой.
Чарговая ведзьма старая
Палюе за нечай душой...

Баіцца сустрэцца са мною.
Спыняе спакусы гульню,
Бо чуе над грэшнай зямлёю
Святую малітву маю.


02.05.08

11.30