Туга па Беларусi

Леонид Пранчак
ТУГА ПА БЕЛАРУСІ

Турботны лёс і час.
Расстанне – вырак долі.
Успомняцца не раз
Буслы на жніўным полі.

Абудзіцца туга
Самотай і сумневам.
І ажыве тайга
Палёў даспелых спевам.

Той спеў у сон плыве.
Забыцца немагчыма.
У кожным з нас жыве
Маленькая радзіма

Расстання горкі смак.
Сумую і журуся.
Нішто не светла, як
Туга па Беларусі!