Лiтургiя

Леонид Пранчак
ЛІТУРГІЯ

Шляхі завея замяла.
І лета канула у Лету.
Твой дом з парэшткамі цяпла
Прытулак сумнаму паэту.

Ад мітусні ўдалечыні
Здаецца дробным свет шумлівы.
Ляцяць, як снег, зямныя дні.
А я з табой, таму шчаслівы.

Збавенне стомленай душы —
Маўчаннем песціць настальгію.
Стаяць на ганку у цішы
І слухаць снег, як літургію.

Ляціць да неба дзіўны спеў
І сэрца кратае пяшчотай.
А на галінках голых дрэў
Пад снегам шэпчацца лістота...