Залатая асенняя лiпа

Леонид Пранчак
ЗАЛАТАЯ АСЕННЯЯ ЛІПА

Пад мігценне начных зараніц,
Пад шалёнага ветру усхліпы
Залатой вершалінай звініць
На гары старасвецкая ліпа.

Асвятляе бясконцы абшар
На імгненне адно бліскавіца.
Крона ліпы у цемры між хмар,
Нібы купал сабора зіхціцца.

Я заходжу пад схову яе
І, здаецца, яна мяне чуе.
І душа, і лістота пяе
Пад сцюдзёным дажджом: Алілуя!

Бура сцішваецца над галавой,
Як малітву пачула нібыта...
І узносіцца ў неба Царквой
Залатая асенняя ліпа.