Беларускiя слёзы

Леонид Пранчак
БЕЛАРУСКІЯ СЛЁЗЫ

Тут сэрцу спакойна і міла.
Тут памяць забытага свята.
Асенняй журбою настыла
Пустая бацькоўская хата.

Прыеду і ўсё прыбяру там.
Ачышчу каморку ад трантаў.
Запахне духмянаю рутай
І пылам старых фаліянтаў.

Начамі, самотны і ціхі,
Душы наталення шукаю.
Пратру беларускія кнігі
І ўсе да адной прачытаю.

Тугой векавой наталюся.
Спатоліўшы смагі астачу,
Над Янкам Купалам малюся
І над Караткевічам плачу.